ФЕРДЫНА́НД I (Ferdinand; 10.3.1503, Алькала-дэ-Энарэс, Іспанія — 25.7.1564),

аўстрыйскі эрцгерцаг, імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1556/58—64]. З дынастыі Габсбургаў. Сын Філіпа I Прыгожага, малодшы брат Карла V. Паводле дагавораў 1521—22 атрымаў ва ўладанне ад Карла V аўстр. землі, пазней правёў тут шэраг адм. рэформ. У 1526 выбраны каралём Чэхіі і Венгрыі (каранаваны ў 1527), але ўсталяваў сваю ўладу толькі ў частцы Венгрыі. З 1529 процістаяў уварванням туркаў (аблога імі Вены і інш.). Стаў імператарам пасля адрачэння ад прастола Карла V (1556, каранаваны ў 1558).

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)